Марка Рубіё: «Абяцаньні дадзеныя, абяцаньні выкананыя»
Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША выказаўся пра вызваленьне Андрэя Кузьнечыка і Алены Маўшук і заклікаў вызваліць іншых палітвязьняў, паведамляе Радыё Свабода.
У Злучаных Штатах пракамэнтавалі вызваленьне двух палітычных зьняволеных у Беларусі, у тым ліку журналіста Андрэя Кузьнечыка. Інфармацыйнае паведамленьне дзяржаўнага сакратара Марка Рубіё Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША апублікаваў на сваім сайце:
«Моцнае кіраваньне прэзыдэнта Трампа прывяло да вызваленьня амэрыканца, несправядліва затрыманага ў Беларусі, і дваіх палітычных зьняволеных. Я хачу асабліва падзякаваць ураду Літвы за супрацоўніцтва і дапамогу — яны застаюцца сапраўдным хаўрусьнікам і сябрам. Я таксама хачу падзякаваць сваёй камандзе ў консульскіх справах, офісу спэцыяльнага ўпаўнаважанага прэзыдэнта ў справах закладнікаў і Бюро ў справах Эўропы і Эўразіі за ўсю цяжкую працу, якая была праведзена для забесьпячэньня гэтых вызваленьняў.
Мы па-ранейшаму адданыя справе вызваленьня іншых грамадзян ЗША ў Беларусі і ў іншых месцах. Мы заклікаем вызваліць амаль 1300 палітвязьняў, якія застаюцца ў турмах па ўсёй Беларусі».
Перад гэтым Рубіё ў сваім твітэры напісаў пра выкананьне Дональдам Трампам абяцаньняў: «Прэзыдэнт Злучаных Штатаў забясьпечыў вызваленьне яшчэ аднаго грамадзяніна ЗША ў Беларусі, як і дваіх палітычных вязьняў. Абяцаньні дадзеныя, абяцаньні выкананыя».
Читайте еще
Избранное